КО́ПЫСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы канца 15—20 ст. з г. п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 16—18 ст. рабілі гасп. посуд, кафлю (гл. Копыская кафля). Асаблівага развіцця К.к. дасягнула ў 19—1-й пал. 20 ст. У Копысі працавала каля 20 ганчарных заводаў, дзе выраблялі белагліняны паліваны посуд (збаны, гаршкі, слоікі, міскі і інш.) мяккіх акруглых форм. Вырабы аздаблялі прамымі і хвалістымі ціснёнымі паяскамі на плечуках пасудзін, налепамі, зашчыпамі па краях, падцёкамі карычневай або зялёнай палівы. Выраблялі таксама талеркі, вазы, кубкі, хлебніцы, чарніліцы, шкатулкі, пісьмовыя прылады, попельніцы з фігурамі львоў, мядзведзяў і інш., якія ўпрыгожвалі рэльефным раслінным і анімаліст. дэкорам, пажадальнымі надпісамі, пакрывалі рознакаляровай палівай. У 1920—30-я г. была пашырана вытв-сць настольнай дробнай пластыкі. Сярод майстроў А.Верамееў, В.Чабатароў, А.Чорцікаў.
Я.М.Сахута.
т. 8, с. 415
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)